29–30 студзеня эксперты Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) правядуць планавую інспекцыю на Беларускай АЭС, паведамляе Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы (Дзяржатамнагляд) Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Паводле інфармацыі ядзернага рэгулятара, інспектары правядуць фізічную інвентарызацыю ядзернага матэрыялу, правераць тэхнічнае абслугоўванне сістэм захавання і назірання МАГАТЭ, а таксама тое, як беларускі бок вядзе справаздачную дакументацыю.
Адзначаецца, што інспекцыя праводзіцца ў рамках пагаднення паміж Беларуссю і МАГАТЭ аб прымяненні гарантый у сувязі з Дагаворам аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, якое было заключана 14 красавіка 1995 года.
Гарантыі МАГАТЭ зʼяўляюцца неадʼемным складальнікам міжнароднай сістэмы бяспекі і ўяўляюць сабой комплекс тэхнічных мер, – заявіў Дзяржатам.
У першым квартале 2026 года эксперты МАГАТЭ таксама маюць намер ацаніць бяспеку эксплуатацыі БелАЭС (місія OSART).
Крыніца: «Позірк»/юл